25 чэрвеня на Капыльшчыне адбылася значная падзея ў культурным жыцці раёна — абласны семінар для спецыялістаў бібліятэк Мінскай вобласці на тэму «Духоўнае адраджэнне грамадства праз бібліятэкі». Мерапрыемства прайшло на базе Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі і сабрала загадчыкаў, спецыялістаў аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі, а таксама метадыстаў публічных бібліятэк Мінскай вобласці.
Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, якая выйшла за межы традыцыйных нарад. Удзельнікі атрымалі ўнікальную магчымасць не толькі абмяняцца прафесійным вопытам, але і пазнаёміцца з культурна-гістарычнай спадчынай Капыльшчыны.



Першая частка семінара была прысвечана непасрэднаму знаёмству з работай бібліятэк сістэмы. Спецыялісты наведалі Капыльскую раённую цэнтральную бібліятэку імя А. Астрэйкі, якая з’яўляецца галоўным кніжным цэнтрам раёна, а таксама Капыльскую дзіцячую бібліятэку.

Асаблівую цікавасць выклікаў візіт у Цімкавіцкую сельскую бібліятэку, якая па праву лічыцца адной з лепшых у вобласці па выніках 2024 г.. Яе фонд налічвае больш за 11 900 экзэмпляраў, а колькасць чытачоў перавышае тысячу чалавек, што з’яўляецца высокім паказчыкам для сельскай мясцовасці. Бібліятэкары падзяліліся вопытам работы, распавялі пра рэалізацыю творчых праектаў і метады прыцягнення чытачоў да кнігі. Знаёмства пачалося з прэзентацыі «Через книги к добру и свету», прысвечанай рабоце па духоўнаму выхаванню і шматгадоваму супрацоўніцтву з мясцовай царквой. Бібліятэкары падрабязна расказалі, як праз літаратуру і сумесныя мерапрыемствы далучаюць маладое пакаленне да традыцый і маральных каштоўнасцей.
Асаблівую ўвагу на семінары надалі краязнаўчым выданням, створаным непасрэдна супрацоўнікамі бібліятэкі. Сярод прадстаўленых кніг — «Нашчадкі традыцый», прысвечаная старажытнаму абраду Тройцы. Гэта выданне стала вынікам глыбокага даследавання мясцовых звычаяў і абрадаў.
Яшчэ адной яркай знаходкай стала кніга «Голас Ірынкі», аўтарам якой выступіла бібліятэкар Ірына Яўгеньеўна Шкуцько. У выданні пераплятаюцца ўспаміны маленькай Ірынкі і дарослай Ірыны Яўгеньеўны, расказваецца пра традыцыі, абрады і ролю жанчыны ў сям’і. Гэтая кніга выклікала жывы водгук у аўдыторыі, бо закранае тэмы, блізкія кожнаму.
Таксама былі прадстаўлены ўласныя краязнаўчыя даследаванні: выданне пра гісторыю спіртзавода і кніга «Лёс абразцовага пасёлка», якія пацвярджаюць, што нават у невялікай сельскай бібліятэцы вядзецца сур’ёзная навукова-даследчая праца.




Ключавым момантам семінара стала сустрэча з настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы протаіерэем Міхаілам Мардвінавым. Свяшчэннік не толькі расказаў пра важнасць супрацоўніцтва царквы і бібліятэкі ў духоўным адраджэнні грамадства, але і прадставіў унікальную калекцыю старадаўніх праваслаўных кніг. Гэтыя рарытэты, якія захоўваюцца ў храме, сталі жывым сведчаннем глыбіні праваслаўнай традыцыі на Капыльшчыне. Бібліятэкары з цікавасцю разглядалі асобнікі, некаторым з якіх не адзін дзясятак гадоў.
Удзельнікі семінара наведалі Свята-Узнясенскую царкву ў Капылі, дзе памочнік благачыннага Капыльскай царкоўнай акругі Серафім Чарны расказаў пра гісторыю праваслаўя на Капыльшчыне. Яго змястоўная размова ахоплівала шматвяковую гісторыю краю, ад першых хрысціянскіх паселішчаў да сучаснага адраджэння веры. Серафім адказаў на шматлікія пытанні бібліятэкараў, якія цікавіліся як гістарычнымі фактамі, так і сучасным жыццём прыхода. Гэты візіт стаў яшчэ адным пацвярджэннем таго, што бібліятэкі і царква ідуць побач у справе духоўнага выхавання грамадства.

Завяршэнне семінара прайшло ў атмасферы літаратуры і гісторыі. Удзельнікі наведалі Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, які знаходзіцца ў аг. Цімкавічы.
Падвядзенне вынікаў семінара прайшло ў атмасферы абмену меркаваннямі. Бібліятэкары адзначылі важнасць падобных сустрэч для прафесійнага росту, а таксама падкрэслілі ролю бібліятэк як цэнтраў духоўнага і патрыятычнага выхавання. Сустрэча на Капыльскай зямлі яскрава паказала, што бібліятэкі сёння — гэта не проста кнігасховішчы, а жывыя арганізмы, якія захоўваюць гісторыю і фарміруюць будучыню грамадства.
Таццяна Гняцько, загадчык адзела маркетынга, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы


