Родчанка Мікалай Віктаравіч

Родчанка Мікалай Віктаравіч (нар. 16.12.1938) – даследчык літаратуры і фальклору, пісьменнік. Кандыдат філалагічных навук (1969), дацэнт (1981).

Нарадзіўся 16 снежня 1938 года ў в.Чыжэвічы Капыльскага раёна Бабруйскай вобласці, цяпер – Капыльскі раён Мінскай вобласці.

Вучыўся ў школах Старобінскага, Капыльскага і Гомельскага раёнаў. У 1956 г. скончыў 10 клас Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага. Выпускнік філалагічнага факультэта БДУ імя У.I.Леніна (1961).

Працаваў настаўнікам Слабада-Кучынскай сярэдняй школы на Капыльшчыне (1961), карэспандэнтам-арганізатарам Мазырскага радыё (1963). Пасля аспірантуры Гомельскага педінстытута імя В.П.Чкалава (у 1969 годзе быў рэарганізаваны ва ўніверсітэт) пачаў працаваць у гэтай навучальнай установе. 3 1967 па 1999 гады у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны на розных пасадах: асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт і загадчык кафедры рускай літаратуры. У 1976—1977 гадах загадваў кафедрай літаратуры Камчацкага педінстытута. Па запрашэнні кіраўніцтва Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акадэміка I.Г.Пятроўскага ў 1999—2011 гадах выкладаў у Навазыбкаўскім філіяле гэтага ўніверсітэта.

Аўтар больш як 50 навуковых і метадычных публікацый. Працы прысвечаны даследаванню беларуска-рускіх літаратурных і фальклорных сувязей (А.Твардоўскі, Я.Купала, Я.Колас, А.Куляшоў і інш.).

Выступае як празаік. Лепшыя ўзоры прозы сабраны ў зборніку «Символ веры» (1997). Творы ў аснове сваёй аўтабіяграфічныя. Аўтар апавядае пра гады партызаншчыны (бацькі ратавалі хлопчыка ад расстрэлу ў атрадзе імя Ракасоўскага на Случчыне), паказвае пасляваенны побыт беларускай вёскі, асэнсоўвае чарнобыльскую трагедыю, праблемы сучаснасці.

Жыве і працуе ў г.Гомелі.