ЮБІЛЕЙ МІКОЛЫ ХВЕДАРОВІЧА
6 красавіка 2019 г. у Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла гадзіна літаратурнага партрэта «Праз плынь лядовае тугі», прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Міколы Хведаровіча.
Бібліятэкар Юлія Яцкова адзначыла, што Мікола Хведаровіч (сапраўднае прозвішча Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч), які нарадзіўся ў 1904 г. у мястэчку Капыль Мінскай губерніі, быў сведкам станаўлення беларускай савецкай дзяржавы, актыўна ўдзельчаў у літаратурных плынях на Беларусі, быў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з дня яго заснавання ў 1934 г. І паўтарыў самотны шлях многіх беларускіх літаратараў, якія трапілі ў жарнавы рэпрэсій напрыканцы 1930-х г.г. Але вытрымаў, не зламаўся і вярнуўся ў літаратуру, зрабіўшы ў яе развіццё свой значны ўнёсак.
На падрыхтаванай кніжнай выставе былі шырока прадстаўлены кнігі М.Хведаровіча, у тым ліку і першы пасля рэабілітацыі ў 1955 г. паэтычны зборнік «Залаты лістапад» (1957 г.). Чытачы бібліятэкі Аліна Кавалева, Вікторыя Крэсава, Уладзімір Сідараў, Анастасія Дубавая і Андрэй Шыпіцын прачыталі вершы з гэтага рарытэтнага выдання.
Дырэктара Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў паведаміў пра некаторыя цікавыя факты біяграфіі Міколы Хведаровіча. У прыватнасці, у 1915-1918 г.г., калі М.Хведаровіч быў у бежанстве ў г.Калузе, то ў школе, дзе ён вучыўся, матэматыку выкладаў К.Цыялкоўскі — будучы тэарэтык касманаўтыкі. Дзякуючы М.Хведаровічу, мы ведаем пра апошні верш паэта Міхася Чарота, растралянага ў 1937 г. — свой твор «Прысяга» Чарот надрапаў нечым вострым на сцяне турэмнай камеры, а Хведаровіч, трапіўшы ў турму крыху пазней, убачыў гэты надпіс і пранёс у памяці праз дзесяцігоддзі. І толькі ў 1965 г. у зборніку «Дзень паэзіі» з прадмовай М.Хведаровіча з’явіліся гэтыя пранікнёныя чаротаўскія радкі:
Я не чакаў;
Я не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Что стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам, з турмою.
Прадажных здрайцаў лiхвяры
Мяне зацiснулi за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае пали,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вiноваты!













